Канец існавання гурта «Троіца» — гэта вельмі сумная навіна для людзей, якія цікавяцца беларускай музыкай. Але сёння не пра сумнае. На мінулым тыдні выйшла новая сольная праца лідара гурта «Троіца» Івана Кірчука пад назвай «Варажбіт». І гэта манументальны альбом!
«Варажбіт» складаецца з 55 трэкаў: гэта і апрацаваныя народныя спевы, і аўтарскія творы Кірчука, і вершы, і нават гульні. Двухгадзінны рытуал, сеанс сувязі з продкамі, беларуская нацыянальная медытацыя для дасведчаных і неафітаў.
Архівы Івана Іванавіча — гэта неацэнны скарб, гукавы экскурс у мінуўшчыну, аўдыёдоказ існавання магутнай традыцыі продкаў, якая рызыкуе ў лепшым выпадку застацца толькі ў музеях. Кірчук паступова гэтыя архівы апрацоўвае і збірае ў аўдыёспектаклі — фактычна адкрывае беларусам беларусаў.
У кожнага з гэтых 55 трэкаў свая магутная энэргетыка, гэта дзясяткі маленькіх, але глыбокіх пазлаў, якія ў выніку збіраюцца ў адзін манументальны рытуал. Дакладна, гэта не той альбом, які можна прабегчы ў фонавым рэжыме. Для таго, каб ён раскрыўся перад вамі ў поўнай ступені, трэба сесці і ўважліва паслухаць кожны трэк, дазволіць сабе гэтую медытацыю і адчуць глыбіню, намаляваць сабе вобразы — толькі тады можна зразумець усю мастацкую і гістарычную вартасць «Варажбіта».
https://ivankirchuk.bandcamp.com/album/-